Музейны пакой – Радзімы маёй пачатак
Ад аўтастрад далёка і гарадскіх агнёў
Вёска сінявокая жыве сярод палёў.
Прыгожая прырода, і людзі ёй пад стаць…
Любое тут надвор'е – ну проста любата!
Усе вулачкі ў кветках, рабінках – і нездарма:
Тут проста і сур'ёзна, тут Сар’янская зямля!
З чаго пачынаецца Радзіма? З роднай школы і дрэва, якое ты пасадзіў; з рэчкі, дзе купаўся і загараў; з мястэчка, у якім нарадзіўся і вырас; з разумення, што твая гісторыя – вось яна, ва ўсім тым, што цябе акружае, а людзі, якія здзяйснялі вялікія подзвігі, жылі сярод нас і нават вучыліся ў тваёй школе. Наша гісторыя пачынаецца з аграгарадка Сар’я. 24 верасня 2022 года адбылося ўрачыстае адкрыццё музейнага пакою ў нашай школе, над стварэннем якога працавалі дзеці разам са сваім натхняльнікам Дзянісам Іванавічам Казловым.
Адкрыццё музейнага пакоя – значная падзея у жыцці школы, у якой прынялі ўдзел адміністрацыя і педагогі школы, кіраўнік аддзела па адукацыіі Якаўлева С.У., мясцовы краязнаўца Бубала А.Ф., удзельнікі праекту “Настаўнік для Беларусі”, спонсары – каманда беларускіх іт-спецыялістаў “Call-tracking” і вядома ж тыя, для каго гэты куток гісторыі быў створаны – вучні школы. Шмат добрых слоў і пажаданняў прагучала у гэты дзень ад нашых гасцей! Дачакаўшыся ўрачыстага пераразання стужачкі, першыя наведвальнікі музейнага пакою быццам ўвайшлі ў мінулае стагоддзе, дзе яшчэ ёсць калаўроты, прасы, лямпы, рушнікі. Мы вельмі ўдзячны за дапамогу і падтрымку у такой хвалюючай и важнай падзеі для нашай школы яе дырэктару Урбан В.І., краязнаўцу Бубала А.Ф., шчодрым спонсарам і актыўнай камандзе праекту “Настаўнік для Беларусі”.
У знак удзянасці нашы госці атрымалі кубачкі з выявамі самых знакамітых мясцін нашага роднага куточку. А самае галоўнае, ім разам з Дзянісам Іванавічам удалося ажыццявіць цікавую вандроўку па Сар'і, падчас якой даведаліся, што засталося тут ад маёнтка роду Лапацінскіх, убачылі рэшткі старога парка з магутнымі дрэвамі сівой даўніны, неагатычны храм сярэдзіны ХІХ стагоддзя.
Наш музейны пакой – гэта месца захавання гісторыі, побыту, звычаяў роднага краю; месца, дзе відаць сувязь пакаленняў, таму яно не толькі выконвае культурна - асветніцкую функцыю, але і з'яўляецца месцам сустрэч розных пакаленняў, застаецца цэнтрам патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Пакой змяшчае мноства цікавых і пазнавальных матэрыялаў пра Сар'ю і ваколіцы, вялікую частку якіх у сваіх вандроўках знайшлі самі вучні школы. Сімвалічна, што музейны пакой створаны ў Год гістарычнай памяці. Спадзяёмся, што ён будзе актыўна выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе ўстановы адукацыі, дазволіць навучэнцам садзейнічаць развіццю грамадскай актыўнасці, авалоданню імі пошукавымі і практычнымі навыкамі даследчай працы, шанаваць памяць аб гераічных подзвігах беларускага народа.
Сакрэт добрага настрою — сустрэць аднадумцаў і проста прыемных людзей ў сваім мястэчку, разам атрымаць асалоду ад сяброўскіх зносін і цудоўнай экскурсіі, прыняць падарункі і шчыра ўсміхацца ўсім. Гэта і ёсць сапраўднае шчасце для настаўніка, закаханага у сваю прафесію!
Мы з радасцю чакаем жыхароў і гасцей аграгарадка ў нашым музейным пакоі!